Як (не) выбраць свой першы тэлескоп)

 Публичный пост
2 апреля 2026  0

Мала якія з прыбораў прыносяць столькі радасці, як тэлескоп. І мала якія прыборы адначасова гэтак жа расчароўваюць. Думаю, многія, хто чытае гэты тэкст, маюць дома невялічкі тэлескоп, пакрыты тоўстым слоем пылу. Некаторыя кажуць: “Дык ён слабы. Вось разбагецею, куплю сабе магутны апарат – і буду глядзець на рознакаляровыя шэдэўры неба!” Спойлер: не будзеце).

Таямніцы раскрываюцца падрыхтаваным

Тэлескоп – гэта навуковы прыбор, няхай сабе і досыць “папсовы”. І каб атрымаць задавальненне ад назіранняў у яго, трэба ведаць, што мы назіраем і што ён можа паказаць. Возьмем прыклад зусім з іншай сферы: сучаснае мастацтва. Вось чытаеш, што карціна Іва Кляйна прадалася за 18 млн еўра і думаеш: дайце мне валік і фарбу – зраблю не горш. Аднак калі пачытаць пра мастака, яго творчасць і ідэі, ведаць увесь кантэкст contemporary art, то сінія прамавугольнікі разглядаць становіцца нашмат цікавей.

Так і з навуковымі аб’ектамі. Убачыць шэрую пляму на мяжы магычымасцяў вока – што тут можа быць цікавага? Але калі ведаеш, што гэта вельмі незвычайная галактыка з велізарнай чорнай дзірой у цэнтры, што да яе дзясяткі мільёнаў светлавых гадоў і столькі ж гадоў святло ляцела, перш чым патрапіць у тваё вока – гэта проста ўзрывае мозг. І ты бачыш гэта не на зафаташопленым здымку “Хабла”, а проста зараз, ужывую! Так, вось гэтую дохленькую шэрую пляму.

З чаго пачнем?

Каб навучыцца разбірацца ва ўсім, што ёсць на небе, паспрабуйце спачатку назіраць вокам. Навучыцеся шукаць на небе ўсе сузор’і (вам дапамогуць карты і віртуальныя планетарыі на смартфоне), пачытайце, адкуль гэтыя сузор’і з’явіліся, якія гісторыі і легенды з імі звязаныя.

Не перастала быць цікава? Паспрабуйце купіць бінокль – не астранамічнага монстра на пару кілаграм, а бінокль з вялікімі аб’ектывамі і зусім невялікім павелічэннем. Напрыклад, 10х50 або 8х42. Паспрабуйце адшукаць многія аб’екты глыбокага космасу ў бінокль. Можна для гэтага скарыстацца гатовымі кнігамі, напрыклад, вось гэтай. Асабіста на мяне ў свой час зрабіла ўражанне кніга Ф. Зігеля “Сокровища звездного неба”. І ведаю, што я – далёка не адзіны чалавек, хто называе яе любімай кнігай па астраноміі.


Ну што, не надакучыла яшчэ глядзець на неба? Шэрыя плямкі галактык выклікаюць здзіўленне, а ад россыпаў зорак Млечнага Шляху захоплівае дух? Вось цяпер можна купіць і тэлескоп! Чытаючы кнігі пра космас, вы, напэўна, даўно ўжо ведаеце, якія тыпы тэлескопаў бываюць, а на форумах ужо паспелі прачытаць водгукі ад рэальных уладальнікаў той ці іншай мадэлі.

Паназіраўшы ў бінокль ці падзорную трубу, вы ўжо разумееце, што можна чакаць ад тэлескопа. Таму зроблены вамі выбар хутчэй за ўсё вас не расчаруе. Мадэль майго першага тэлескопа прадаецца па сённяшні дзень і каштуе каля 250 рублёў.

Я не пажадаю такі апарат нават ворагу, гэта ўвасабленне ўсіх самых негатыўных сэнсаў слова “Кітай”, але сам я правёў з ім некалькі цудоўных гадоў.

Проста я ведаў, што можна чакаць ад падобнага інструмента – і ён апраўдаў мае чаканні! Разам з тым, ведаю шмат прыкладаў, калі людзі куплялі тэлескопы за тысячы долараў – і пасля аднаго-двух разоў пакідалі іх як прадмет інтэр’еру ў кватэры.

Хачу павелічэнне ў 1000 разоў!

Якая характарыстыка ў тэлескопе самая галоўная? Многія думаюць, што павелічэнне. Але гэта – як мегапікселі ў смартфоне. Камера на 12 Мп часам можа зрабіць здымак лепш, чым з 200-мегапіксельным сэнсарам, бо фізіку святла цяжка падмануць. Так і з тэлескопамі: у некаторых бюджэтных мадэляў заяўляюцца павелічэнні да 500 крат, і адпаведныя акуляры ёсць у камплекце. Вось толькі ў такім выпадку вы ўбачыце хіба што цёмную замыленую карцінку, якая яшчэ і дрыжаць будзе з-за хліпкай манціроўкі.

У тэорыі, галоўны параметр, калі спрошчана казаць – гэта дыяметр аб’ектыва. Чым большы аб’ектыў, тым больш удасца сабраць фатонаў ад слабых зорак і тым менш будуць перашкаджаць эфекты дыфракцыі (значыць, тым большае павелічэнне можна будзе паставіць).

Як правіла, навічкі, якія жадаюць глядзець на Месяц і планеты, купляюць рэфрактары з доўгім фокусам. Людзі з большымі патрабаваннямі і вышэйшым бюджэтам – якасныя рэфрактары-апахраматы. Для тых, хто цікавіцца назіраннямі глыбокага космасу, адным з найлепшых варыянтаў будзе рэфлектар сістэмы Ньютана. Але падрябязней распісваць не стану: вы ўжо начыталіся кніг і разбіраецеся ў тэлескопах настолькі, што самі лепш ведаеце, якую мадэль купіць.

Касмічныя інсайды ад назіральніка

Вось яшчэ пералік некаторых фактаў, якія нячаста сустрэнеш у інструкцыях па выбары тэлескопа.

  • Асабіста я не бачу вялікага сэнсу ў тэлескопах з электроннымі сістэмамі навядзення. Па-першае, звычайна іх таксама трэба настройваць, і без ведання зорнага неба гэта цяжка зрабіць. А па-другое, астранамічныя назіранні – гэта як рыбалка, дзе задавальненне прыносіць не вынік, а працэс. Калі мы хочам рыбу на вячэру – прасцей схадзіць у бліжэйшую краму, а на раку з вудачкай ідуць зусім за іншымі ўражаннямі. Дык не пазбаўляйце сябе задавальнення ад пошукаў галактык і туманнасцяў на небе!)
  • Калі мы хочам магутны, але пры гэтым лёгкі і кампактны камп’ютар, мы ідзем і купляем Mac Book Pro з працэсарам Ultra-серыі. Так, гэта дорага, але ён справіцца амаль з любой задачай і лёгка змесціцца ў заплечнік. З тэлескопамі такога не бывае. Чым магутней – тым цяжэй і габарытней. Падумайце, ці будзеце вы гатовыя цягаць з сабой шматпудовую жалязяку, якую ўжо прыгледзелі ў каталозе).
  • Самы лепшы тэлескоп – той, у які назіраюць. Вельмі многія, хто мае больш за адзін інструмент, часта кажуць: ай, я ўчора вырашыў назіраць у меншы апарат. Бо вынесці і сабраць лягчэй, астывае хутчэй. Таму купляйце той тэлескоп, з якім гатовыя часта выходзіць пад зорнае неба.
  • Разам з тым, ведаю чалавека, які купіў сабе тэлескоп “на ўсе грошы” (нядаўна ў Беларусі такі прадаваўся за 66 000 рублёў). Калі я праз год пацікавіўся ўражаннямі ад назіранняў, то аказалася, што ён яшчэ ні разу не збіраў яго. І дакладна не стане часта збіраць, бо агулам маса яго складае каля 100 кілаграм.
  • Ніводзін тэлескоп не пакажа і блізка таго, што ёсць на карцінках у інтэрнэце. Тлумачыцца гэта элементарна: вока чалавека не можа накопліваць святло, а матрыца камеры можа гэта рабіць гадзінамі. Так, касмічныя аб’екты маюць колеры, але ні ў адзін тэлескоп свету вы не ўбачыце каляровых туманнасцяў і галактык. На нашых экскурсіях я часта прыводжу прыклад свайго знаёмага, які назіраў у 6.5-метровы тэлескоп вокам – гэта сусветны рэкорд! Ніякіх колераў у туманнасцяў ён не ўбачыў.
  • Калі вас цікавяць не толькі планеты і Месяц, але і галактыкі з туманнасцямі, то падумайце, ці гатовыя вы ездзіць далёка за горад. Гэта вельмі важна: у так званых “сініх” ці “шэрых” зонах засветкі 200-мм тэлескоп пакажа нашмат больш, чым 500-мм монстр, размешчаны каля мінскай кальцавой.
  • Нехта скажа: дык з ростам дыяметра аб’ектыва расце і дэталізацыя карцінкі! Значыць, мне і ў горадзе для назірання за планетамі трэба самы круты тэлескоп! Так, пра дэталізацыю - праўда. Але толькі ва ўмовах ідэальнай атмасферы. Напрыклад, на гары Мауна-Кеа ці ў гарах пустыні Атакама. У беларускіх рэаліях атмасфера настолькі неспакойная, што вельмі часта не мае сэнсу ставіць павелічэнне вышэй за 200х.
  • Калі параўнаць якасны 100-мм рэфрактар-апахрамат і гіганцкі 500-мм рэфлектар, то ў тэорыі максімальнае павелічэння для першага будзе каля 200х, для другога – каля 1000х. Але беларуская атмасфера абмяжуе яго тымі ж самымі 200х. Нават больш таго: ва ўмовах нестабільнай атмасферы першы апарат можа нават выйграць па дэталізацыі за кошт таго, што яго апертура меншая за памеры атмасферных “лінз”.

Нехта можа спытаць: а навошта тады я купіў сабе тэлескоп, які трэба паўгадзіны загружаць у машыну і амаль гадзіну збіраць ды настройваць у полі? Адказ просты: каб мець магчымасць паказаць удзельнікам R-club самы глыбокі космас з таго, што даступна ў Беларусі!) Калі надвор’е не падвядзе, то глядзець на зоркі мы будзем проста ў гэтым месяцы. На апошнім фота - адна з нашых зорных начэй).

Откомментируйте первым 👇

😎

Автор поста открыл его для большого интернета, но комментирование и движухи доступны только участникам Клуба

Что вообще здесь происходит?


Войти  или  Вступить в Клуб