або Змагаемся з навуковымі міфамі, частка 1
Амерыканцы не ляталі на Месяц? Зямля плоская? Калі вашы знаёмыя вераць у такое, то спрачацца з імі не варта, а месцамі нават і небяспечна). Але ж у R-club мы імкнемся думаць рацыянальна, таму наўрад ці сярод нас ёсць такія фрыкі.
Тым не менш, у астраноміі хапае навуковых міфаў, якія ўкараніліся глыбока ў нашу свядомасць. А развенчваць іх - гэта заўсёды цікавы і вясёлы занятак. Што ж, паехалі! Разбярэм сёння першыя 7 фактаў, якія большасць людзей успрымае няправільна.
Палярная зорка не самая яркая
Так-так, калі я на якой-небудзь лекцыі пытаюся, чым так знакамітая Палярная зорка, то палова людзей кажа: "Яна самая яркая!" Але табліца самых яркіх зорак кажа адваротнае: Палярная зорка ідзе па яркасці прыблізна на 50-м месцы. У чым жа тады сакрэт яе папулярнасці?

Сакрэту тут няма: амаль строга на Палярную зорку адным сваім канцом указвае зямная вось. Таму гэтая зорка застаецца практычна нерухомай на небе, у той час як вакол яе круцяцца сузор'і. Ну і, вядома ж, па гэтай прычыне Палярная зорка ўказвае напрамак на поўнач.
У вялікі тэлескоп усё яркае і рознакаляровае
Паспяшаюся расчараваць: ні ў адзін тэлескоп свету вы і блізка не ўбачыце таго, што публікуе тэлескоп Хабл. Нашы вочы - унікальныя аптычныя інструменты з фантастычнай адчувальнасцю да святла. Але ў вока ёсць адзін сур'ёзны недахоп - яно не ўмее накопліваць святло. А вось камера - калі ласка!

У мяне ёсць знаёмы, які працуе на 6.5-метровым тэлескопе і меў магчымасць зазірнуць у яго вокам. Фактычна, гэта самы вялікі тэлескоп у свеце, у які ўдавалася паглядзець чалавеку вокам. І, з яго слоў, усе аб'екты - бляклыя, дыфузныя і чорна-белыя. Але на мой погляд, гэта не робіць назіранні ў тэлескоп сумным заняткам. Хто з намі ездзіў у поле - згодныя?)
Сонца - маленькая зорка
І яшчэ яе прыдумалі называць жоўтым карлікам! Так, безумоўна, існуюць зоркі, куды большыя за наша Сонца (рэкардсмен - амаль у 2000 разоў!). Але калі зірнуць табліцу самых блізкіх да Сонца зорак, то можна заўважыць, што амаль ніхто з іх не мае ўласных назваў. Здавалася б, гэта ж нашы суседзі, чаму мы ім не далі імёнаў?

Разгадка простая: большасць нашых суседзяў - зусім слабенькія чырвоныя або белыя карлікі. І такая большасць захоўваецца не толькі ў наваколлі Сонца, а па ўсёй Галактыцы. Так што наша Сонца куды большае і ярчэйшае за сярэднестатыстычную зорку).
Нас усіх заб'е сонечная ўспышка!
Так, у апошнія гады журналісты ўсё больш палохаюць нас катастрафічнымі магнітнымі бурамі - напэўна, з-за таго, што зусім нядаўна сонечная актыўнасць прайшла свой пік, калі сонечных успышак было асабліва шмат.
Магнітныя буры, якія часта выклікаюцца ўспышкамі, сапраўды шкодзяць тэхніцы: ствараюць паразітныя магутныя токі ў лініях электраперадач і трубаправодах, пагаршаюць сувязь, разаграюць атмасферу на вялікай вышыні. Але гэта не азначае, што некалі здарыцца супер-успышка, якая прынясе апакаліпсіс. Арбіты спадарожнікаў можна карэктаваць, ключавыя вузлы энергасетак - выключаць, таму максімум, што нас чакае - гэта лакальныя блэкаўты на некалькі гадзін.

Дарэчы, і для здароўя магнітныя буры нічым не страшныя. Усе, хто праходзіў МРТ, кажуць, што нічога не адчувалі, акрамя шуму і клаўстрафобіі. Але пры гэтым падчас МРТ змяненне магнітнага поля ў сотні тысяч (!) разоў большае, чым падчас магнітнай буры.
"Унікальны Блакітны Клубнічны Супермесяц!"
Так, падобныя загалоўкі мы бачым па некалькі разоў на год. І нікога нават не здзіўляе тое, што клубніцы блакітнымі не бываюць). Насамрэч, на знешні выгляд і на колер нашага спадарожніка гэтыя назвы не ўплываюць. Блакітнай звычайна завуць другую поўню ў каледнарным месяцы, а назвы кшталту "ураджайны", "клубнічны" і "асятровы" прыйшлі да нас з амерыканскай культуры (куды, у сваю чаргу, патрапілі з культуры карэнных народаў).

А вось слова "Супермесяц" можа мець невялікі сэнс. З-за таго, што арбіта ў Месяца выцягнутая, ён часам падыходзіць да Зямлі бліжэй, а часам аддаляецца на максімальную адлегласць. Пры гэтым яго памеры на небе змяняюцца на ±7%. І калі поўня супадае з мінімальным аддаленнем ад Зямлі, то такую поўню журналісты палюбілі называць з прыстаўкай "супер-".
Калі поўны Месяц узыходзіць, ён такі вялікі!
Вы ж і самі бачылі гэта, праўда? А як уздымецца вышэй, то становіцца звычайным і маленькім. Ды і на пытанне, чаму ён ля гарызонта большы, лёгка даць адказ: атмасфера праламляе святло і павялічвае Месяц.

А цяпер шок-кантэнт: Месяц на гарызонце меншы, чым на большай вышыні! Так-так, меншы па вертыкалі - і менавіта з-за праламлення святла ў атмасферы. Я нават сам асабіста правяраў). Чаму ж тады ўсе мы як адзін бачым узыход гіганцкай аранжавай поўні? Адказ: гэта ўсё падман зроку.
Зоркі падаюць з неба
Аднойчы ў жнівеньскую ноч, калі з неба сыпаліся дзясяткі метэораў, мне задалі пытанне: "Вось зоркі сёння падаюць і падаюць - а чаму за ўсе гэтыя не ўпала аніводная з зорак Вялікай Мядзведзіцы?"

Шчыра кажучы, я спачатку не знайшоў, што і адказаць). Але калі ў кагосці такое пытанне таксама круціцца ў галаве, то "падаючыя зоркі" - гэта ўсяго толькі маленькія каменьчыкі, якія, трапляючы ў атмасферу на гіганцкай хуткасці, згараюць у ёй. А зоркі - гэта гіганцкія шары з гарачага газу, і калі ўжо падаць на Зямлю, то хутчэй Зямля б упала на зорку).
Дарэчы, а ў нас жа на носе якраз лекцыя пра жыццё зорак! Далучайцеся вось тут, яшчэ месцы ёсць!
